Сведкі-міліцыянты ўпершыню ўбачылі ўдзельнікаў «Працэса 14-ці» у судзе
26 мая 2008

У судзе Цэнтральнага раёну Менску судзяць абвінавачаных у крымінальнай справе, якую празвалі «справаю 14-ці»: Аляксандара Баразенку, Паўла Вінаградава, Максіма Дашука і Міхаіла Субача. Падчас працэсу супрацоўнік ДАІ Аляксандар Субач заявіў у судзе, што трох абвінавачаных бачыць упершыню.

Былі дапытаныя яшчэ два супрацоўніка ДАІ. Абодва сьведкі таксама заявілі, што бачаць падсудных упершыню.

Сёньня падчас суду таксама дапыталі сьведку Мікалая Карачуна — дырэктара ГУМа. Ён прэтэнзіяў да мітынгоўцаў таксама не мае. Дапыталі дырэктара крамы «Ласунак» Веру Філіпенкаву.

Таксама былі дапытаныя тры сьведкі, якія прадстаўляюць Цэнтральны ўнівэрсам , транспартнае пардпрыемства і прыватную краму, якая знаходзіцца ля Кастрычніцкай плошчы, дзе прайшоў мітынг прадпрымальнікаў. Усе сьведкі прэтэнзіяў да абвінавачаных не маюць.

На працэс прыйшлі прадстаўнікі амбасадаў краін Эўразьвязу, АБСЭ, а таксама большасьць раней асуджаных па гэтай справе.

Дарадца амбасады Чэхіі Ержы Хромы паведаміў «Радыё Свабода», што прысутнічаў на мітынгу 10 студзеня. Паводле спадара Хромага, дэманстранты рухаліся па ходніках, адкуль іх выціснулі міліцыянты. Дыплямат кажа, што ня бачыў, як дэманстранты перашкаджалі руху грамадзкага транспарту, пра што цьвердзяць сьведкі з боку абвінавачваньня.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў прыйшоў на працэс са сваім малодшым сынам. «Гэта працяг крымінальнай справы над моладзьдзю, якая брала ўдзел у мітынг у падтрымку правоў прадпрымальнікаў. Моладзь бараніла права ўсяго беларускага народу на мірныя мітынг сходы і свабоду выказваньня думак», — заявіў Макаеў.

Тым часам у двары суду з даху будынка актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» скінулі расцяжку “Не рэпрэсіям”. Яе заўважылі міліцыянты. Яны палезьлі на дах і сарвалі расцяжку.

Тры невялікія аўтобусы са спэцназам, а таксама міліцыя ў чорнай форме знаходзяцца зараз ля ўваходу ў стадыён «Дынама», за некалькі дзясяткаў мэтраў ад будынку суду Цэнтральнага раёну.

Моладзевых актывістаў, удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня, зьвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія нібыта груба парушылі грамадзкі парадак. 10 чалавек ужо асуджаныя. Сямёра зь іх пакараны абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру, двое аштрафаваныя. Андрэй Кім пазбаўлены волі на паўтара года. Яшчэ адзін — студэнт-каліновец Аляксандар Баразенка — абвешчаны ў крымінальны вышук. Ніхто з абвінавачаных не прызнае сваёй віны.

На «Працэсе 14-ці» абвешчаны перапынак да 10.15 хвілін аўторка. Паседжаньне адновіцца спрэчкамі бакоў.