Моладзь Еўропы асудзіла дыктатуру ў Беларусі

26.05.2008

Рэзалюцыя з асуджэннем рэжыму ў Беларусі была прынята ў партугальскім горадзе Порце на з'ездзе Моладзі Еўрапейскай Народнай партыі, найбольшай партыі Еўрапарламента.

Рэзалюцыя асуджае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, пераслед моладзевых арганізацый, разгон 25 сакавіка мірнай акцыі да 90-годдзя стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, арышты актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» падчас афіцыйнай дэманстрацыі 1 траўня, а таксама прысуды аб зняволенні ўдзельнікаў акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў, якія адбыліся ў Менску ў студзені-лютым 2008 года. Падпісанты рэзалюцыі таксама заклікалі Еўрапарламент пачаць супрацу з беларускімі ўладамі толькі ў выпадку выканання рэжымам Лукашэнкі 12 умоваў Еўразвяза.

Больш за тое, у рэзалюцыі паведамляецца, што 28 верасня, у дзень парламенцкіх «выбараў", па ўсёй Еўропе пройдуць акцыі каля амбасадаў Беларусі з заклікам да ўладаў здзейсніць свабодныя выбары і на знак салідарнасці з народам Беларусі.

Рэзалюцыю прынялі аднагалосна. Дакумент падпісалі моладзевыя арганізацыі хрысціянска-дэмакратычных партыяў Нямеччыны, Нідэрландаў, Даніі, Швейцарыі, Фінляндыі, Чэхіі, Літвы, Балгарыі, Румыніі, Грузіі, Украіны.

Ад Беларусі ў з'ездзе ўзяў удзел намеснік старшыні арганізацыі «Малады Фронт» Артур Фінькевіч.

«У выступе на з'ездзе я распавёў пра сітуацыю ў Беларусі, пра рэпрэсіі супраць апазіцыі, пра палітвязняў, пра тое, што я сам і іншыя актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» завочна асуджаныя за ўдзел у мірнай дэманстрацыі ў Дзень Еўропы. Распавёў пра прыгнёт у нашай краіне ўсіх правоў і свабодаў — свабоды слова, свабоды сходаў, свабоды асацыяцый. Я таксама распавёў пра грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь", адным з удзельнікаў якой з'яўляецца «Малады Фронт». Больш за 50 адсоткаў грамадзян Беларусі выступаюць за ўваход Беларусі ў Еўразвяз, мы ладзім акцыі, інфармуем людзей аб тым, што такое ЕЗ, збіраем подпісы ў падтрымку еўраінтэграцыі Беларусі. Я сказаў, што беларуская праблема — гэта, у тым ліку, і праблема Еўразвяза, бо без Беларусі ЕЗ ніколі не будзе поўным», — паведаміў Артур Фінькевіч у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97.

У Порце таксама была падпісана моладзевая Хартыя аб супрацы моладзевых арганізацый Еўропы, у якой вядзецца пра неабходнасць актывізацыі працы моладзі з Еўрапейскім Парламентам.