Прысуды ўдзельнікам акцый прадпрымальнікаў: 1,5 і 2 гады абмежавання волі

27.05.2008

Суд Цэнтральнага раёна Менску прысудзіў удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў Міхаіла Субача і Паўла Вінаградава да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў спецкамендатуру. Яшчэ адзін удзельнік «Працэса 14-ці», непаўнагадовы Максім Дашук прысуджаны да 1,5 год абмежавання волі. Прысуд вынес суддзя Валерый Есьман.

Нагадаем, што пракурор Лук’янаў патрабаваў для ўсіх трох абвінавачаных абмежавання волі на два гады без накіравання ў спецкамендатуру.

Адвакаты заклікалі суд апраўдаць усіх падсудных. Па іх меркаванні, папярэдняе следства не прадставіла дастатковых доказаў віны. А падчас прагляду відэаматэрыялаў не была праведзеная ідэнтыфікацыя абвінавачаных.

Учора на судзе выступілі сведкі з боку абвінавачвання. Дырэктар ГУМа, крамы «Лакамка», універмага «Цэнтральны» і парка маршрутных таксі заявілі, што абвінавачаных ніколі раней не бачылі і фінансавых прэтэнзій да іх не маюць.

Супрацоўнікі ДАІ, акрамя намесніка кіраўніка менскага ДАІ Максіма Падбярозкіна, казалі, што абвінавачаных раней не бачылі і праяў грубых парушэнняў грамадскага парадку з боку дэманстрантаў 10 студзеня таксама не заўважылі. Прадстаўнікі прадпрыемства «Менсктранс» заявілі, што грамадскі транспарт працаваў у звычайным рэжыме, і скаргаў з боку пасажыраў не было.

Усяго па справе аб удзеле ў акцыях пратэсту прадпрымальнікаў праходзяць 14 актывістаў апазіцыі. 10 з іх ужо былі асуджаны раней. Моладзеваму актывісту Андрэю Кіму судом Цэнтральнага раёна Менска прызначана 1, 5 гадоў калоніі. Іншыя ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» — Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч — прысуджаныя да выпраўленчых прац па месцы працаўладкавання з адлічэннем дзяржаве 20% заробку. Антона Койпіша і Уладзіміра Сяргеева аштрафавалі на 100 базавых велічынь. Прысуд вынесла суддзя Алена Ілліна.

Нагадаем, што на акцыю пратэсту 10 студзеня, за якую і судзяць людзей, выйшлі тысячы прадпрымальнікаў, якія на знак пратэсту супраць дыскрымінацыйных указаў Аляксандра Лукашэнкі перакрылі праспект Незалежнасці.