Трагедыя бяспамяцтва
3 июня 2008

У аўторак удзень улады не далі прадстаўнікам беларускай дэмакратычнай грамадскасці ўсталяваць на месцы масавых расстрэлаў у сталінскія часы ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам інфармацыйны стэнд.

Нават праз дваццаць гадоў пасля таго, як стала вядомая праўда аб курапацкай трагедыі, беларускія ўлады ніякім чынам не звяртаюць увагі на заклікі грамадскасці ўвекавечыць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Нідзе ў Беларусі няма ніводнага афіцыйна ўсталяванага помніка альбо мемарыяльнага знака на памяць аб мільёнах забітых і рэпрэсаваных у 30-40-я гады мінулага стагоддзя суграмадзянах. Чаму кіраўніцтва краіны так ставіцца да Курапатаў і ўвогуле да тых трагічных падзеяў? На гэтае пытанне нашай праграме адказвае доктар філасофскіх навук Вячаслаў Оргіш:

«Тая ўлада, якая сёння ў нас у краіне, ставіцца да гэтага вельмі скептычна, і на гэта ёсць пэўныя прычыны: перш за ўсё, тое, што злачынства ў Курапатах здзейснена сталінскім таталітарным рэжымам. Сёння так ці інакш беларускі рэжым нясе на сабе адбітак тых часоў, і, зразумела, ён свядома ці несвядома адчувае пэўную салідарнасць з тымі непрыгожымі, амаральнымі рэчамі, якія адбываліся ў трыццатыя гады і пасля. Таму, канешне, зразумела, што ён будзе ўсяляк прыніжаць, прыхоўваць тыя падзеі, будзе імкнуцца зменшыць маштаб гэтага злачынства, каб не надаваць вялікую галоснасць таму, што там адбывалася і якія ахвяры беларускі народ у той час прынёс на алтар гістарычнага развіцця і дэмакратыі».

Дарэчы, за апошнія гады ў Курапатах, дзе высілкамі простых людзей усталяваныя сотні памятных крыжоў, былі здзейсненыя дзесяткі буйных і дробных актаў вандалізму, але ніводзін злачынец дагэтуль не быў знойдзены і пакараны. Затое экскурсантаў возяць не ў курапацкі пантэён, але на створаную не так даўно так званую “Лінію Сталіна”.