Алег Воўчак: «Адстаўка Шэймана не актывізуе справы зьніклых палітыкаў»
10 июля 2008

Былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак лічыць, што адстаўка дзяржсакаратара савета бясьпекі Віктара Шэймана ніяк не паўплывае на хаду сьледства па справе зьніклых палітыкаў.

Алег Гулак абараняе інтарэсы сям’і экс-міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі, які зьнік у 1999 годзе. У інтэрвію «Радыё Свабода» ён выказаў упэўненасьць, што «справа зварухнецца толькі пры новым генэральным пракурору пасьля прыходу да ўлады новага прэзыдэнта».

«Сьледзтва ня будзе актывізавана, бо Аляксандру Лукашэнку таксама нявыгадна садзіць за краты чалавека, які можа шмат расказаць на сьледзтве. Ёсьць пэўныя дакумэнты, паводле якіх да зьнікненьняў нібыта дачынныя Шэйман, Навумаў, Паўлічэнка. Тады іх усіх трэба будзе адправіць за краты, а Лукашэнка на гэта ня пойдзе. Таму паўтаруся, што па-сапраўднаму справа зварухнецца толькі пры новым генэральным пракурору пасьля прыходу да ўлады новага прэзыдэнта. А Шэймана проста трэба адправіць у цень, прычым часова. Не зьдзіўлюся, калі праз пэўны час яго прызначаць на якую сярэднюю пасаду, кіраваць нейкім інстытутам правазнаўства ці яшчэ чым», — выказаў сваё меркаваньне праваабаронца.