У Вільні прайшлі дзве акцыі салідарнасці з Беларуссю

18.07.2008

Дзве акцыі салідарнасці з Беларуссю прайшлі ўчора ў Вільні. У іх удзельнічалі каля 20 чалавек, пераважна актывістаў маладзёжных арганізацый — Малады фронт, StudAlliance, БУНТ.

А 15-й гадзіне яны сабраліся каля будынка беларускай амбасады і наладзілі перфоманс. Мінакам было прадэманстравана, як у Беларусі праводзяцца "аператыўныя дзеянні". Раздаваліся ўлёткі, у якіх тлумачыўся сэнс акцыі: выкрыццё абсурду прывінтыўных затрыманняў і патрабаванне незалежнага і адкрытага расследавання выбуху 4 ліпеня ў Мінску.

Праз 10 хвілін перфоманс давялося згарнуць, бо гэтага настойліва запатрабавала паліцыя. Аднак у беларускую амбасаду была перададзеная афіцыйная заява, у якой выказвалася заклапочанасць моладзі ў сувязі з тым, што цяпер разгарнуліся рэпрэсіі супраць актывістаў дэмакратычнага руху.

А ўвечары 16 ліпеня ў цэнтры Вільні маладафронтаўцы і беларускія студэнты наладзілі яшчэ адну акцыю. Некалькі дзесяткаў чалавек трымалі свечкі, бел-чырвона-белыя сцягі і транспаранты на розных мовах.