У Брэсце правядуць пікет да 9-х угодкаў знікнення Ганчара і Красоўскага
2 сентября 2008

Пікет, прымеркаваны да 9-х угодкаў знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, збіраюцца правесці ў Брэсце 16 верасня. Адпаведную заяўку падаў у гарвыканкам праваабаронца Раман Кісляк.

«Мэта пікету — нагадаць грамадскасці аб гэтай даце, запатрабаваць ва ўладаў рэальнага расследавання справаў пра загінулых вядомых людзей у Беларусі», — паведаміў праваабаронца ў інтэрв'ю БелаПАН.

Таксама акцыя мусіць нагадаць пра неабходнасць прыняцця і ратыфікацыі Рэспублікай Беларусь Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных знікненняў.

Адзначым, што сёлета брэсцкія ўлады ўжо забаранілі дзве падобных акцыі.