Праваабаронцы запатрабуюць ад Сідорскага расследавання «гучных знікненняў»

02.09.2008

Міжнародная федэрацыя правоў чалавека запатрабуе ад беларускага ўрада расследавання
«гучных знікненняў». Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў генсек арганізацыі Луіс Гіерма Перэз.

«Мы хочам даць зразумець беларускай уладзе, што гэтыя злачынствы не адносяцца да мінулага. Пакуль не будуць знойдзеныя альбо целы зніклых людзей, альбо самі гэтыя людзі, гэта злачынства будзе актуальным», — цытуе яго словы БелаПАН.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю Еўрарадыё кажа, што праблема «гучных знікненняў» у Беларусі заўсёды будзе актуальнай для праваабаронцаў, аж да часу, «пакуль не даведаемся праўды». Але ў сённяшняй сітуацыі ён не бачыць ніякіх шансаў прасунуцца ў расследаванні знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага:

«Спадзявацца тут асабліва няма на што. Але тое, што гэтае пытанне не мусіць быць зацёртае, не мусіць быць забытае, гэта адназначна».