У Вільні прагаласавалi за свабодныя выбары

30.09.2008

28 верасьня ў Вільні адбылася акцыя падтрымкі й Салідарнасьці зь Беларусьсю, а таксама акцыя-пэрфомэнс «За свабодныя й дэмакратычныя выбары!».

У цэнтры Вільні сабраліся прадстаўнікі Маладога Фронту, БУНТа, а таксама студэнты ЭГУ. Акцыя была афіцыйна дазволена й доўжылася некалькі гадзін. Над плошчай луналі беларускія нацыянальныя й маладафронтаўскія сьцягі. На імпрэзаваным галасаваньні мінакі з задавальненьнем галасавалі за свабодныя й дэмакратычныя выбары, размаўлялі, дыскутавалі.

«Акцыя прайшла пасьпяхова. Было раздадзена некалькі соцен улётак з інфармацыяй пра фальсыфікацыі на гэтых парлямецкіх выбарах, — кажа ініцыятар акцыі Салідарнасьці, маладафронтавец Кірыл Атаманчык. — Людзі цёпла віталі нашу акцыю й з задавальненьнем галасавалі за свабодныя й дэмакратычныя выбары. Былі й тыя хто так, альбо інакш падтрымліваў дзеючы аўтарытарны рэжым: з гэтымі людзьмі адбываліся дыскусіі. Трэба дадаць, што мы й надалей будзем працягваць рознага кшталту акцыі ў падтрымку дэмакратычных перамен у Беларусі».