Акцыя салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы

17.10.2008

16 кастрычнiка ў Менску, Салігорску, Баранавічах, Жодзіне, Магілёве, Мазыры і Барысаве праводзіліся вулічныя акцыі салідарнасьці зь сем'ямі зьніклых. У Менску людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы.

14 актывістаў стваранай цяпер арганізацыі “Маладая Беларусь” выйшлі на плошчу з партрэтамі зьніклых Віктара Ганчара і Зьмітра Завадзкага, партрэтамі моладзевай актывісткі Тацяны Цішкевіч, а таксама з аранжавымі стужкамі, на якіх было напісана “Маладая Беларусь”.

Трэба адзначыць, што колькасьць міліцыянтаў перавышала колькасьць удзельнікаў акцыі прыблізна ў тры разы. Міліцыянты, дарэчы, жартавалі з таго, што колькасьць удзельнікаў невялікая ў параўнаньні зь мінулымі акцыямі. Але гэта можна патлумачыць тым, што, напрыклад, “Малады фронт” вырашыў ня ўдзельнічаць у вулічнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы, матывуючы гэта падрыхтоўкай да Дзядоў.

Перад пачаткам менскай акцыі лідэра “Маладой Беларусі” Артура Фінькевіча затрымалі. Артур Фінькевіч паведаміў “Радыё Свабода”, што міліцыянты адвезьлі яго за Ўручча і высадзілі на гарадзкой мяжы Менску, ля рыбнай базы.

Раней сёньня актывісты “Маладога фронту” правялі акцыі ў Салігорску, Жодзіне, Барысаве, Мазыры, Полацку: вывесілі партрэты зьніклых, а таксама партрэты пакараных у “справе 14-ці”. Моладзевыя актывісты лічаць асуджаных у “справе 14-ці”, якія знаходзяцца цяпер фактычна пад хатнім арыштам, палітычнымі вязьнямі.

 

Любоў Лунёва
Радыё Свабода