У Брэсце забаранілі пікет да ўгодак знікнення Ганчара і Красоўскага

17 декабря 2008

Суд Ленінскага раёна Брэста 16 снежня адмовіў у задавальненні скаргі групы актывістаў дэмсіл на забарону гарвыканкама правесці пікет па выпадку ўгодак знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Актывісты планавалі правесці пікет 16 верасня ў цэнтры горада на пешаходнай частцы вуліцы Пушкінскай. Мясцовая ўлада не санкыянавала акцыю, матываваўшы гэта тым, што для падобных мерапрыемстваў адведзены стадыён "Лакаматыў".

Заяўнік акцыі — праваабаронца Раман Кісляк, а таксама Зміцер Шыманскі, Вольга Вакуленка, Сяргей Вакуленка, Уладзімір Красько, Віктар Клімус і Яўген Сошка, якія планавалі прыняць у акцыі ўдзел, абскардзілі адмову ў судзе, бо палічылі яе неправамернай і парушаючай іх права на мірныя сходы і вольнае выражэнне свайго меркавання.

"Рашэнне суду не стала для нас нечаканасцю, — заявіў БелаПАН Р.Кісляк. — Пачынаючы з чэрвеня гэта ўжо пятая адмова ў дадзенай судовай інстанцыі ў задавальненні скарг актывістаў дэмсіл на забароны пікетаў у Брэсце, якія планаваліся па-за стадыёнам".

Па словах Р.Кісляка, рашэнне раённага суду будзе абскарджанае ў вышэйстаячай інстанцыі. "Мы працягнем падаваць заяўкі на такія акцыі ў цэнтры горада, таму што выказваць сваё меркаванне і прыцягваць увагу грамадскасці ў бязлюдным месцы за высокім плотам па меншай меры нелагічна", — сказаў праваабаронца.