У Курапатах узгадалі ахвяр сталінізму

30 декабря 2008

29 снежня ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам прайшло традыцыйнае памінанне ахвяр сталінізму.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні секцыі «Мемарыял» Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Ўладзімір Раманоўскі, удзельнікамі памінання сталі каля 20 моладзевых актывістаў, былых вязняў ГУЛАГа і сябраў секцыі «Мемарыял».

Яны ўсклалі кветкі да мемарыяльных знакаў, у тым ліку да Крыжа пакут, запалілі лампады, ушанавалі хвілінай маўчання памяць бязвінна загубленых людзей, выканалі песні нацыянальнага адраджэння. За памінаннем назіралі сем прадстаўнікоў сілавых структур.

Цяперашняе памінанне стала 25-м. Трэці год 29-га чысла кожнага месяца прадстаўнікі грамадскасці прыходзяць у Курапаты, каб ушанаваць памяць бязвінных ахвяр сталінізму і зацвердзіць у грамадскай свядомасці дату 29 кастрычніка як Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі. «Пакуль мы праводзім такія акцыі, ёсць надзея, што праблема рэпрэсаваных набудзе грамадскае гучанне і знойдзе адлюстраванне ў дзяржаўнай палітыцы», — падкрэсліў У.Раманоўскі.

24 снежня ва ўрочышчы Малы Трасцянец (Благаўшчына) у Менскім раёне прадстаўнікі грамадскасці ўсталявалі і асвяцілі шасціканцовы крыж найсвяцейшай Ефрасінні Полацкай у памяць аб ксяндзе-плябане Менскага касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла) Вінцэнце Гадлеўскім, забітым нацыстамі ва ўрочышчы 24 снежня 1942 года. «Вырашана ўзвесці ў Малым Трасцянцы велічны Крыж пакут у памяць аб тысячах грамадзян Беларусі і іншых краін, загубленых камуністычным і нацысцкім таталітарнымі рэжымамі ў перадваенныя і ваенныя гады на тэрыторыі ўрочышча», — сказаў У.Раманоўскі.