«Советская Белоруссия» абражае памяць генерала Захаранкі

3 марта 2009

У канцы лютага маскоўскія супрацоўнікі праваахоўных органаў па просьбе беларускіх калегаў затрымалі крымінальнага «аўтарытэта» Уладзіміра Бірукова па мянушцы «Біра». Праз некалькі дзён гэты чалавек, чый злачынны шлях быў звязаны ў Бабруйскам, быў выпушчаны з-пад варты пад падпіску аб невыяздзе. А яшчэ праз пару дзён Бірукоў памёр, па афіцыйна версіі, ад сардэчнай недастатковасці. Беларускія СМІ адрэагавалі на гэтую падзею некалькімі разгорнутымі сюжэтамі і артыкуламі.

Так, у артыкуле «Век волі не відаць. У натуры?» галоўны рэдактар друкаванага органа Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссия» Павал Якубовіч — пад псеўданімам Павал Старадуб — напісаў:

«Юры Захаранка, які стаў міністрам унутраных справаў, зараз больш вядомы як «ліберальны» палітык, а тады ён не даваў нікому спуску і не шкадаваў ні правых, ні левых... (шматкроп'е ў арыгінале артыкула — заўв. прэс-цэнтра Хартыі) Таямніча знік Шчаўлік, злодзей Арсен, які прыехаў на дапамогу, у момант і на доўгі час знік у самых змрочных скляпеннях «Валадаркі», адкуль выплыў ціхім і хваравітым толькі ў Івацэвіцкай калоніі. Бяльмо ад граху падалей аддаліўся ў кругасветную вандроўку па экзатычных марах. А Захаранкі з гонарам даклаў Прэзідэнту, што маскоўскія злодзеі разаслалі менскаму падполлю «маляву»: маўляў, тэрмінова кладзецеся на дно, сыходзіце ў кусты, таму што лепш перачакаць». Там жа прыводзяцца шматлікія факты розных бандыцкіх «разборак» і забойстваў канца 90-х гадоў.

Павал Якубовіч відавочна «перакручвае» факты.

Юры Мікалаевіч Захаранка займаў пасаду міністра ўнутраных справаў Беларусі з 1 жніўня 1994 года па 16 кастрычніка 1995 года. Пасля яго адстаўкі пасаду кіраўніка МУС «па сумяшчальніцтве» займаў Дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман. У пачатку 1996 года вакантнае крэсла заняў камандуючы ўнутранымі войскамі Валянцін Агалец (дарэчы, да прыезду ў Беларусь Агалец камандаваў унутранымі войскамі Узбекістана). Пасаду кіраўніка УВ МУС РБ заняў пры Агальцы Юры Сівакоў, які і змяніў у пачатку 1999 года шэфа на яго пасадзе.

У канцы 1997 годы, пасля гучнага забойства чыноўніка Яўгена Мікалуцкага, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Я хачу звярнуцца, выкарыстоўваючы сродкі масавай інфармацыі і да крымінальнікаў: запомніце, спадары, зямля будзе гарэць у вас пад нагамі». Гэтая прамая пагроза была хутка прыведзеная ў выкананне. Не маючы сілаў адолець злачыннасць законнымі мерамі, улады вырашыліся на іншыя.

«10 снежня 1997 года знік без вестак злодзей у законе Шчаўлік, ён жа Уладзімір Клешч. Выйшаў адагнаць машыну на стаянку — справа пяці хвілінаў, ён нават мабільны тэлефон з сабой не ўзяў — і не вярнуўся. Знік бясследна. Неўзабаве знік яшчэ адзін вядомы крымінальны аўтарытэт Маманцёнак. І яшчэ некалькі — больш дробных па крымінальным ранзе. Пазней Аляксандр Лукашэнка вяшчаў з трыбуны: «Я іх усіх папярэдзіў: не дай бог, дзесьці вы створыце абстаноўку крымінальную — я вам паадрываю ўсім галовы. Памятаеце вы гэтых шчаўлікаў і іншых? І дзе яны зараз?..», — пісала расейская «Новая газета».

Да 1997 года Юры Захаранка ўжо некалькі гадоў не быў міністрам унутраных справаў. Ён быў паніжаны ў званні, знаходзіўся ў палітычнай няміласці. І «з гонарам», як вынікае з артыкула ў «СБ», дакладваць Лукашэнку нічога не мог.

Да гэтага моманту ў улады, на думку незалежных СМІ, быў адладжаны механізм працы «эскадронаў смерці». Яны цалкам выявілі сябе ў серыі палітычных выкраданняў і забойстваў апанентаў рэжыму ў 1999-2000-х гадах, ахвярамі якіх сталі Юры Захаранка, Генадзь Карпенка, Зміцер Завадскі, Анатоль Красоўскі, Віктар Ганчар. Сёлета і наступным годзе спаўняецца 10 гадоў з моманту здзяйснення гэтых злачынстваў, у якіх міжнародная грамадскасць падазрае вышэйшыя чыны кіраўніцтва Беларусі. Сваякі выкрадзеных і забітых дагэтуль дамагаюцца справядлівага расследавання гучных справаў.

Гэтая сітуацыя адлюстраваная і ў дакладзе Дзярждэпартамента ЗША па правах чалавека за 2008 год:

«Расследаванне справаў зніклых лідэраў апазіцыі не прасунулася наперад. 8 красавіка генеральны пракурор падоўжыў на тры месяцы расследаванне знікнення былога міністра і апазіцыйнага лідэра Юрыя Захаранкі, зніклага ў 1999 годзе. Расследаванні па справе апазіцыйнага актывіста Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, зніклых у 1999 годзе, не прасунулася наперад. У 2006 годзе ўлады прыпынілі расследаванне па справе журналіста Зміцера Завадскага, зніклага і, як мяркуюць, забітага ў 2000 годзе. Ёсць сведчанні, што да гэтых справаў датычныя ўлады, хоць яны працягваюць адмаўляць любое дачыненне да знікненняў».