Беларусы Варшавы пікетавалі Raiffeisen Bank

16.04.2012

16 красавіка ў польскай сталіцы прайшло пікетаванне Raiffeisen Bank Polska S.A., паведамляе сайт collaboration.org.ua Беларускія актывісты патрабавалі спыніць банкам падтрымку беларускіх уладаў. Як вядома “Белаграпрамбанк” падпісаў крэдытную дамову з Raiffeisen Bank Polska S.A.

Прадстаўнікам банка быў перададзены ліст з просьбай даць афіцыйны адказ, чаму банк вырашыў фінансаваць беларускія ўлады. Банкіры ў сваю чаргу паабяцалі адказаць на ліст. Трэба адзначыць, што акцыя выклікала нервовую рэакцыю супрацоўнікаў Raiffeisen Bank Polska S.A. На ўдзельнікаў пікета была выклікана паліцыя. Самі прадстаўнікі банка увесь час цвердзілі, што акцыя з’яўляецца незаконнай. Хаця пры яе правядзенні былі выкананыя ўсе прававыя нормы.Калі арганізатары не атрымаюць на свой ліст адказ, то акцыі каля прадстаўніцтваў банкаў у Польшчы працягнуцца.