Гутарка з маці Зьмітра Завадзкага

7 июля

15 гадоў таму зьнік журналіст Зьміцер Завадзкі, якому сёньня было б 42 гады. З гэтай сумнай нагоды Свабода пагутарыла з маці Зьмітра Вольгай Завадзкай.

«Прабачце, але ў мяне сёньня дзень цішыні. А вам дзякуй, што памятаеце», — адказала Вольга Завадзкая на просьбу сустрэцца на 15 гадавіну зьнікненьня Зьмітра Завадзкага. Але потым, слова за слова, Вольга Рыгораўна адказала на значную частку пытаньняў карэспандэнта Свабоды.

— 15 гадоў як зьнік ваш сын Зьміцер. Сёньня вас хто хоць запрасіў на якую імпрэзу з гэтай прычыны?

— Ды не. Мінулым годам журналісты запрашалі, ішла ў нейкім іншым настроі, а атрымалася як трызна. Але мне гэтага ня трэба, я гэтак не хачу. Мне гэтак лягчэй.

— Яшчэ я заўважыў, што вы на мерапрыемствах у памяць Зьмітра не абмяжоўваецеся толькі ўспамінам пра яго, а заўсёды кажаце пра ўсіх зьніклых, пра праблему цалкам. Чаму?

— Бо гэта агульная праблема, і інакш і быць ня можа. Нельга нам, кожнаму са сваякоў зьніклых, адасабляцца, засяроджвацца на тым, што ў кожным выпадку свае асаблівасьці. Справа агульная. Нават тое, што цяпер адбываецца з палітзьняволенымі — гэта таксама зьвязана з тым, што былі зьніклыя.

— А што, на вашу думку, адбываецца з палітвязьнямі?

— Ды тое, чаму іх не вызваляюць. Што Эўропе цяпер аказалася не да іх, і мы ў выніку так і не змаглі націснуць на нашы ўлады, каб хаця б гэтых людзей вызвалілі. Тых ужо не вярнуць, але хоць бы гэтых вызвалілі. Дык і таго няма. Эўропа, дый любая краіна, дзейнічае згодна са сваімі інтарэсамі. Цяпер у іх яшчэ больш жорсткія часы — маю на ўвазе і падзеі ва Ўкраіне, і Грэцыю, ды іншае — шмат чаго на іх навалілася. Яны вырашаюць свае праблемы, і гэтым Лукашэнка зноў скарыстаўся, для яго наступіў прыдатны час. Ён пачаў гуляць у міратворцу, у пасярэдніка, і ўсе ўжо быццам і забыліся, што тут адбывалася.

— Вы мяркуеце, забудуць зусім?

— Ведаеце, усё ж ад нас залежыць. Мяркую, як мы спрацуем, гэтак і будзе. Калі мы забудзем, дык забудуць усе, і гэта будзе некаму выгадна.

— Што адбываецца ў справе аб зьнікненьні Зьмітра?

— Рэальна нічога. Фармальна справа прыпыненая, але не закрытая. У мяне журналісты пыталіся, ці пагадзілася б я на закрыцьцё справы, каб азнаёміцца зь яе матэрыяламі? Маўляў, тады можна будзе даведацца больш пра тое, што знайшлі сьледчыя. Я адказваю, што буду раіцца з праваабаронцам Гары Паганяйлам, які адпачатку дапамагае ў гэтай справе. Але дакладна ведаю, што справу аб зьнікненьні ня могуць закрыць. То бок гэта лепш, чым яе закрыюць і здадуць у архіў. Зразумела, што патрэбна палітычнае рашэньне, каб справу сапраўды расьсьледавалі, і пры дзейнай уладзе гэтага не дачакацца. Але будуць жа іншыя часы.

— У 2002 годзе быў суд над выкрадальнікамі Зьмітра — Ігнатовічам і Малікам. Вы былі на гэтым закрытым судзе. Якія былі тады вашы ўражаньні? Яны на судзе хоць нешта прызнавалі?

— Па-першае, суд ня быў цалкам закрыты, толькі некаторыя яго паседжаньні, калі нібыта закраналіся нейкія дзяржаўныя сакрэты. Яшчэ журналістаў з тэлекамэрамі цалкам не пусьцілі. Што да Ігнатовіча і Маліка — яны нічога не прызналі, зусім.

— Вы верыце ў іх недатычнасьць да зьнікненьня вашага сына?

— Цяжка адказаць. Але відавочна, што суду было выгадна разглядаць справу Зьмітра разам з эпізодамі аб злачыннай дзейнасьці банды Ігнатовіча, якая сапраўды жахлівая. Яны ж людзей і рабавалі, і забівалі, было, што і пераапраналіся, каб рабіць выкраданьні. І вось як адзін эпізод агульнай справы аказалася выгадна прадставіць і Дзімава зьнікненьне. Але трэба было разглядаць справу Зьмітра асобна. Гэта была галоўная памылка, відаць, і мая, што пагадзілася. А на судзе ўсё зрабілі, каб не павылазілі доказы таго, што гэта не шараговы эпізод адной справы. Прыкладам, як мяркую, запалохалі сьведку, якая пазнала Лявоненку — супрацоўніка Службы аховы прэзыдэнта. Таго Лявоненку яна бачыла каля Дзімавага дому, зь яе словаў склалі фатаробат, які супаў з фатаздымкам Лявоненкі. Але на судзе яна ад гэтых паказаньняў адмовілася, і ў выніку гэтая вэрсія зусім развалілася, што ім і трэба было.

— Калі апошні раз вы распавядалі людзям пра гісторыю выкраданьня вашага сына?

— Магчыма, апошнім разам гэта было ў сядзібе БНФ, калі там паказалі фільм «Банда» пра зьнікненьні беларускіх апазыцыянэраў. У красавіку, на гадавіну зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Ну і вось цяпер — шмат званкоў. Трэба часьцей, але — як атрымліваецца.

Вольга Рыгораўна Завадзкая цяпер на пэнсіі, жыве ў Менску. Праз 9 гадоў пасьля зьнікненьня Зьмітра Завадзкага ягоная жонка Сьвятлана выйшла замуж і 6 гадоў таму нарадзіла ў новай сям’і дачку Агнешку. Сын Зьмітра і Сьвятланы Завадзкіх Юры вучыцца і працуе. «Ён яшчэ шукае свой шлях у жыцьці», — сказала пра ўнука Вольга Завадзкая.