|  Пракуратура адмовіла Сьвятлане Завадзкай 
                      у завядзеньні крымінальнай справы супраць амонаўца, які 
                      яе зьбіў. Намесьнік пракурора Цэнтральнага раёну Менску 
                      Аляксей Волкаў сёньня ў інтэрвію радыё Свабода пацьвердзіў, 
                      што Сьвятлане Завадзкай адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай 
                      справы супраць амонаўца, які 7 ліпеня ўдарыў яе ў твар. 
                      Пасьля трохтыднёвай праверкі пракуратура прыйшла да высновы, 
                      што ў гэтым няма складу злачынства. Рашэньне адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы супраць 
                      амонаўца было прынятае 29 ліпеня, але Сьвятлане Завадзкай 
                      пра гэта афіцыйна не паведамілі. Спадарыня Завадзкая зьбіраецца 
                      абскардзіць гэтае рашэньне ў вышэйшай інстанцыі.
 Сьвятлана Завадзкая атрымала ад амонаўца ўдар кулаком у 
                      твар 7 ліпеня, падчас разгону акцыі памяці на Кастрычніцкім 
                      пляцы Менску, прысьвечанай пятай гадавіне зьнікненьня яе 
                      мужа — апэратара расейскай тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага. 
                     Спадарыня Завадзкая зафіксавала пабоі і падала ў пракуратуру 
                      заяву з просьбаю завесьці супраць гэтага міліцыянта крымінальную 
                      справу. Пракурорская праверка цягнулася амаль тры тыдні 
                      і скончылася адмовай у завядзеньні крымінальнай справы. 
                     Раней прадстаўнікі Менскай гарадзкой управы ўнутраных справаў 
                      заяўлялі, што ў інцыдэнце вінаватая сама Сьвятлана Завадзкая, 
                      якая, нібыта, справакавала амонаўца на бойку і той мусіў 
                      бараніцца. Альгерд Невяроўскі, Менск
 svaboda.org
 |